УЭ́БСТЭРА СЛО́ЎНІКІ,

тлумачальныя слоўнікі англ. мовы, якія выдаваліся і перавыдаюцца ў ЗША. Першы з іх «Амерыканскі слоўнік англійскай мовы» (т. 1—2, 1828; 2-е дапрацаванае выд. 1841) выдаў амер. лексікограф Н.​Уэбстэр. У 1843 пасля яго смерці выдавецкія правы набылі Дж. і Ч.​Мерыям і ў 1847 выпусцілі 1-ы поўны слоўнік выд-ва «Мерыям-Уэбстэр» у серыі такіх даведнікаў. Сярод іх: «Поўны амерыканскі слоўнік англійскай мовы» (1864), «Міжнародны слоўнік Уэбстэра» (1890), «Новы міжнародны слоўнік Уэбстэра» (1909; 2-е выд. 1934; 3-е выд. 1961). Выключным па аб’ёме (больш за 450 тыс. слоў) і навук. якасці стаў тлумачальны «Трэці новы поўны міжнародны слоўнік англійскай мовы Уэбстэра» (1961; перавыдаваўся 6 разоў; у перавыданне 1993 уключаны «Дадатак»). На базе гэтага даведніка кампанія «Мерыям-Уэбстэр» выпускае серыю англамоўных слоўнікаў меншых памераў, у т. л. «Універсітэцкі слоўнік Уэбстэра» (9-е выд. 1983), «Слоўнік англійскага словаўжывання Уэбстэра» (1989).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 16, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)